Уладзімір Дубоўка, «Узвышша» і праблемы прыгожых вершаў (Спіс на лета: другі сезон, #1)
Уладзімір Дубоўка прадстаўлены ў школьнай праграме двума вершамі, адзін з якіх вы, хутчэй за ўсё, ведаеце на памяць. Прапануем паслухаць пра галоўную постаць беларускіх бурапенных дваццатых, пра чалавека з найцікавейшай і найскладанейшай біяграфіяй.
"Залатая асенняя раніца", "Пальцы жоўтых кляновых лістоў", верас і цягнікі, авангардныя эксперыменты ў паэзіі і санеты Шэкспіра і Байрана, а таксама пра тое, як захоўваць годнасць у бесчалавечных абставінах, бо "жабрацтва духу — не вялікі гонар".
25 Sept 2024
Уладзімір Караткевіч і парушэнне правілаў (Спіс на лета, #12)
«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш». Аўтар гэтых слоў іх здзейсніў: чалавек не сваёй эпохі, адзін, як камар пасярод варожага мора, дзёрзкі і надзвычай таленавіты, ён расказаў беларусам пра іх гісторыю, сам-адзін стварыў пераканаўчы нацыянальны міф, напісаў першы гістарычны дэтэктыў і першую постмадэрнісцкую аповесць ды паспрыяў незалежнасці Беларусі. Пісьменнік, які змяняе свядомасць, самы любімы і важны для беларусаў. Яго кніжкі чытаюць за адну ноч, крадуць з бібліятэк, бяруць з сабой у эміграцыю.
У апошнім выпуску падкаста «Спіс на лета» Марына Казлоўская і Дар'я Бялькевіч размаўляюць пра Уладзіміра Караткевіча, яго творы «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя Роспачы», «Каласы пад сярпом тваім», а таксама пра раскошу любіць гэтую зямлю і шукаць мора.
Гэты выпуск можна не толькі паслухаць як падкаст, але і паглядзець відэа на нашым youtube.
17 Sept 2024
Іван Шамякін і ідэальны герой: «Сэрца на далоні» (Спіс на лета, #11)
Іван Шамякін – адзін з самых чытаных і дакладна самы «масавы» беларускі пісьменнік, агульны наклад якога складае каля 25 мільёна экземпляраў. Ягоныя кнігі дакладна ёсць ці былі ў вас дома.
У новым выпуску падкаста «Спіс на лета» паэтка Дар'я Бялькевіч і выкладчыца Марына Казлоўская абмяркоўваюць раман «Сэрца на далоні». Гэта тэкст, напісаны ў часы адлігі, у якім гаворыцца пра вострыя важныя тэмы – але вельмі асцярожна. Таксама ў падкасце Даша і Марына размаўляюць пра жыццё аўтара і разважаць пра двудумства, час і патрэбы чытача.
12 Sept 2024
Максім Танк: свабода, каханне і іронія (Спіс на лета, #10)
Вершы Максіма Танка – паэзія дзіцячага здзіўлення і захаплення жыццём. Іронія і свабода, Дантэ і Майн Рыд, верлібры і хоку – гэты пісьменнік адчувае сябе сваім у садзе сусветнай культуры і прыўносіць у беларускую паэзію інтэлектуальнасць і дасціпнасць.
У дзясятым выпуску падкаста «Спіс на лета» выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч абмяркоўваюць галоўнага падпольшчыка беларускай літаратуры. Чалавек, жыццё якога было поўнае радасці і рызыкі: падлеткам ён бярэ ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у Заходняй Беларусі, некалькі разоў пераходзіць мяжу ў трыццатыя, трапляе на «Лукішкі», піша вершы, знаёміцца з будучымі нобелеўскімі лаўрэатамі, сустракае сваю Любоў, падрабляе почыркі і чытае Маякоўскага па-польску. Ён жа – чыноўнік пры надзвычай высокай пасадзе з трывожным чамаданчыкам у вітальні, які кпіць з графаманаў і смяецца з сябе самога, падарожнічае ад Японіі да Канады, піша смелыя верлібры, пяшчотныя эратычныя вершы, ратуе першую кнігу Алеся Разанава, вітае Незалежнасць Беларусі.
Максім Танк пражыў амаль усё ХХ стагоддзе і змог зрабіць гэта па ўласных перакананнях. Яскравы, свавольны, па-дзіцячы радасны і мудры – гэты паэт дакладна варты вашай увагі.
5 Sept 2024
Васіль Быкаў: «свае» супраць «сваіх» (Спіс на лета, #9)
Чалавечы выбар і спробы ўцячы ад гэтага выбару, вайна, дзе «свае» надзвычай хутка робяцца «чужымі», падзеі 30-ых гадоў ХХ стагоддзя, пра якія «нельга казаць» і пра якія Васіль Быкаў гаворыць адным з першых.
Дар'я Бялькевіч і Марына Казлоўская ў гэтым выпуску падкасту «Спіс на лета» размаўляюць пра самага вядомага беларускага пісьменніка, які паказвае чалавека як вельмі складаную сістэму і ставіць пытанні «Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін» і «Чаму і завошта?».
«Жураўліны крык», «Сотнікаў» («Ліквідацыя»), «Знак бяды», «Доўгая дарога дадому» — які з гэтых тэкстаў найважнейшы ў беларускай літаратуры, пры чым тут «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец, страх, віна, і дзе беларусы «накасячылі»?
29 Aug 2024
Іван Мележ: людзі, балота і зямля (Спіс на лета, #8)
«Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы».
У гэтым выпуску падкаста выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Дар'я Бялькевіч размаўляюць пра галоўны тэкст Івана Мележа. «Людзі на балоце» — гэта серыял пра каханне, першы феміністычны раман з моцнай і адважнай гераіняй і апошні вялікі тэкст пра шалёную апантанасць зямлёй. Гэты твор тлумачыць, чаму беларусы такія, якія ёсць, і расказвае пра ключавы момант беларускай трагедыі: як і чаму гаспадар перастаў быць гаспадаром. А яшчэ гэта тэкст, дзе нарэшце з'яўляюцца эратычныя сцэны — вялікае свавольства для савецкай літаратуры! — ды ёсць любоўны трохкутнік ці чатырохкутнік, у вяршыні якога — зямля ля цагельні.
15 Aug 2024
Кузьма Чорны і беларускі народны постапакаліпcіс (Спіс на лета, #7)
«Пошукі будучыні» і «Млечны шлях» — раманы, створаныя пісьменнікам, якому пасля трыццатых ужо няма чаго баяцца. Шматмерныя, стылістычна дасканалыя тэксты, напісаныя ў час вайны, у невядомасці, калі яна скончыцца, дзе аўтар правярае людзей на чалавечнасць, незалежна ад боку, які яны займаюць. Дар'я Бялькевіч і Марына Казлоўская размаўляюць пра Кузьму Чорнага і пра тое, чаму беларусы такія, якія ёсць, як на нас паўплывала мінулае стагоддзе і як магчыма пісаць раманы ўсляпую. А яшчэ пра радасць, памяць і чалавечнасць.
Самы сур'ёзны выпуск падкасту «Спіс на лета».
8 Aug 2024
Якуб Колас і страчаны рай (Спіс на лета, #6)
Беларуская кніжка, з якой пра нас даведаюцца іншапланетнікі, ода кожнай травінцы і кожнаму возеру, вяртанне ў свет дзяцінства і аповед пра страчаны рай. «Новая зямля» — паэма, у якой Якуб Колас апісвае гарманічнае прыгожае жыццё і стварае Беларусь, у якой хочацца быць і атрымліваць асалоду ад працы і існавання ў гэтым свеце.
Другая паэма, пра якую Марына Казлоўская і Дар’я Бялькевіч размаўляюць у гэтым выпуску, — «Сымон-музыка». Гэта казка пра дарогу мастака і пра мастацтва як выратаванне, якая выцягвае самога Коласа з дэпрэсіі і нібы скончваецца добра, але толькі ў трэцяй рэдакцыі.
Галоўнае пытанне гэтага выпуску — ці ёсць у раі квас. Таксама раім слухаць выпуск добра пад’еўшы ці смажачы блінцы раніцай у нядзельку.
1 Aug 2024
Максім Багдановіч як самы любімы паэт (Спіс на лета, #5)
Самы любімы беларускі паэт, такі блізкі сучаснаму чытачу: жыццё ў горадзе, вывучаная беларуская мова, добрая адукацыя. Максім Багдановіч – культавы творца, з якога пачалося наступнае пакаленне «Узвышша», аўтар першых верлібраў і трыялетаў, «Пагоні» і ціхіх імпрэсіяністычных вершаў, перакладчык Верлена і Гарацыя.
Выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Дар’я Бялькевіч размаўляюць пра жыццё Максіма Багдановіча, чытаюць шмат добрай паэзіі і задаюцца пытаннем, чаму хацеў навучыць нас аўтар, а Поль Верлен – французскіх дзяцей.
24 Jul 2024
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і тэатральны стэндап (Спіс на лета, #4)
Ці Адам Міцкевіч – «наш», а Святлана Алексеевіч і Францыск Скарына – беларускія пісьменнікі? А Саша Філіпенка і Мікола Гусоўкі? І пры чым тут Рымская імперыя? Выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Дар’я Бялькевіч абмяркоўваюць гэта ў новым падкасце пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Чалавек, чыя біяграфія вартая асобнага серыяла: махлярства, старажытны дацкі герб, разбор шляхты, падробка дакументаў, зняволенне, прыгонны тэатр, паўстанне, першая беларуская опера і, вядома, Менск.
Як так атрымалася, што беларускі тэатр пачаўся са стэндапа? Чаму Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – ніякі не Дунін, а «Пінская шляхта» – не пінская і не шляхта? І хто насамрэч напісаў гэтую смешную і з'едлівую п'есу, галоўны герой якой – страх? Слухайце ў новым выпуску падкаста «Спіс на лета».
11 Jul 2024
Максім Гарэцкі: як пісаць з эпіцэнтра гістарычных падзей (Спіс на лета, #3)
Максім Гарэцкі сваім зборнікам «Рунь» распачынае беларускую інтэлектуальную прозу, і ў яго адразу выходзіць добра. Міжвольны салдат Першай сусветнай вайны, ён першы ў свеце, хто наўпрост з акопаў напіша пра яе брыдкасць і бессэнсоўнасць — Рэмарк, Барбюс і Хэмінгуэй зробяць гэта крыху пазней. Таксама менавіта Гарэцкі стагоддзе таму заўважыў і сказаў, што ў беларусаў дзве душы і што падваенне асобы зрывае нам дах, і задаў анталагічнае пытанне «адкуль усё і што яно».
У гэтым падкасце выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Дар'я Бялькевіч размаўляюць пра творы Максіма Гарэцкага, рацыянальнае і ірацыянальнае, дысацыятыўны разлад асобы, паганства, кіно і вялікі выбух.
У падкасце гучыць песня беларускага гурта Серебряная свадьба «Пищевая цепочка».
26 Jun 2024
Францішак Багушэвіч, які задаў саўндтрэк беларускай літаратуры (Спіс на лета, #2)
Макабрычныя танцы і надрыўная музыка сто трыццаць год таму, водгулле якой чуем і сёння: выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч размаўляюць пра чалавека, які першым зайграў на гэтай адчайнай дудцы.
Францішак Багушэвіч даў голас людзям без імя, але сам схаваўся пад чужымі, стаўшы Мацеем Бурачком і Сымонам Рэўкам з-пад Барысава. У гэтым падкасце гісторыя галоўнага адваката і псіхатэрапеўта беларускай літаратуры, які ў маладосці страціў усё, уключна з краінай, стаў паэтам у 50, заклаў матрыцу нацыянальнай літаратуры і ўрэшце перамог, без надзеі спадзеючыся.
У падкасце вы пачуеце фрагмент верша Вальжыны Морт «Беларуская мова» з аўдыякнігі «Музыка саранчы», гукарэжысёр — Дзмітры Дзмітрыеў.
12 Jun 2024
Янка Купала як стваральнік беларускага тэатра (Спіс на лета, #1)
Каханенькія-родненькія, пачынаем наш падкаст «Спіс на лета» выпускам пра Янку Купалу!
Выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч абмяркоўваюць самыя важныя п'есы Купалы, які паказаў усім, як трэба пісаць вусцішныя камедыі і як смяяцца падчас катастроф, і хочуць перачытаць «Раскіданае гняздо» з прафесійным псіхолагам. А яшчэ разважаюць пра дом, крыху кпяць са шляхецкага гонару і тлумачаць, пры чым тут батлейка.
25 Jan 2020
Дзе жывуць душы беларусаў
Што агульнага паміж нашымі прапрадзядулямі ды хатнікам, якое дачыненне мае цяжарнасць да столі, чаму на Дзяды выганялі з лазні і як гэта ўсё тычыцца душ беларусаў.
24 Aug 2019
Лужыцкія мовы (Славянскія мовы, #4)
Верхняя і Ніжняя Лужыца — гэта рэгіён на ўсходзе Германіі і захадзе Польшчы. Што такое сарабістыка і пры чым да Лужыцы сербы, як складаюцца нямецка-лужыцкія адносіны, якімі інтэрнэт-рэсурсамі можна карыстацца па-лужыцку, а таксама трошкі пра лужыцкі антыфолк-панк-шансон.
6 Jul 2019
Сілезская мова (Славянскія мовы, #3)
Сілезія — рэгіён, наконт якога вядуцца самыя вострыя палітычныя спрэчкі ў Польшчы. Як цукеркі падзяляюць сілезцаў, што сніцца ў кашмарах варшаўскім чыноўнікам і чаму апошняе слова заўсёды за сілезскай мамай.
28 Apr 2019
Лемкаўская мова (Славянскія мовы, #2)
Што за мову можна называць «лемкаўскай», «русінскай» і «рускай», якія дадатковыя сэнсы можна ўбачыць у фільме «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскага і пры чым тут Эндзі Уорхал.
19 Mar 2019
Кашубская мова (Славянскія мовы, #1)
Кашубская мова: што ў ёй польскага і што нямецкага, 76 дыялектаў і чаму да яе трэба дарасці.
Reach and audience
Public platform figures. Ratings count people who left a rating, not total listeners.
Apple Podcasts (US)
5.0 / 5
2 ratings
Spotify
5.0 / 5
23 ratings
Contact Wir.by — Беларуская і сусветная культура
Guest appearances
Does not typically book guests
Based on episode analysis; this does not confirm that the show is currently accepting guests.
Pod Engine is an independent podcast discovery and analytics service and is not affiliated with or endorsed by this podcast. Artwork and show content belong to their owners. Full legal notice.
Explore this show Podcast research with Pod Engine